Навіны Беларускага Народнага Фронту
[Most Recent Entries]
[Calendar View]
[Friends]
Below are the 11 most recent journal entries recorded in
bnf_news' LiveJournal:
| Tuesday, November 1st, 2005 | | 8:20 pm |
Выступ дэлегата 9-га зьезду ТБМ імя Ф.Скарыны, старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі
Дарагія сябры, аднадумцы, сардэчна вітаю вас у Сядзібе БНФ у дні сьвятых Дзядоў.
Тут Беларускі дом, тут тэрыторыя свабоды. I дакуль гэтую сядзібу ў нас не забрала грубая сіла – тут будзе панаваць беларуская мова. Менавіта з гэтае прычыны нягоднікі-русапяты пэрыядычна дробна шкодзяць, паліваючы фарбаю і дзьверы фронтаўскае сядзібы, і ганак сядзібы ТБМ. Гэта ў цэнтры сталіцы, дзе колькасьць міліцыянтаў на квадратны мэтар ці не найбольшая ў Эўропе.
( Read more... )</b> | | 8:18 pm |
СЯБРЫ МОЛАДЗІ БНФ УШАНАВАЛI ДЗЯДЫ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫМI СЬЦЯГАМІ НАД ПРАСПЭКТАМ СКАРЫНЫ Менск, 30 кастрычніка. На перасячэньні бульвару Талбухіна й праспэкту Скарыны, насупраць брамы Ваньковічавага Лесу (парку Чалюскінцаў), сябры Моладзі БНФ дзеля ўшанаваньня Дзядоў вывесілі вялікія бел-чырвона-белыя сьцягі, перавязаныя чорнаю стужкаю. Iх выдатна бачылі з праспэкту Скарыны кіроўцы аўтамабіляў і тыя, хто выходзіў з парку. Бачачы сьцягі, аўтамабілісты сыгналілі, пешыя пачыналі напружана дыскутаваць. Сьцягі пралуналі да самага вечару, міліцыя іх не чапала. | | Monday, September 5th, 2005 | | 11:53 pm |
Дзень беларускай вайсковай славы ўшанавалі над Дняпром і Крапівенкай
Крапівенскае Поле, 3-4 верасьня. У ноч з суботы на нядзелю на Крапівенскім Полі пад Воршай прайшоў традыцыйны фэст беларускай аўтарскай песьні, прымеркаваны да гадавіны Аршанскай бітвы – Дня беларускай вайсковай славы. На фэст прыехалі каля 200 удзельнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі: Воршы, Барані, Магілёву, Віцебску, Менску ды інш. Сёлета фэст пачаўся зь імшы ў памяць пра палеглых на гэтым месцы абаронцаў Айчыны. Яе правялі разам праваслаўны й грэка-каталіцкі сьвятары. Затым да самай раніцы пад зорным небам гучалі беларускія песьні, вершы, грала музыка. Сьвята скончылася толькі зь першымі промнямі верасьнёўскага сонца. Традыцыйную аршанскую карону, гэтым разам асьвячоную абодвума сьвятарамі, атрымаў папулярны паэт Андрэй Хадановіч. Аршанская арганізацыя Партыі БНФ забясьпечыла асьвятленьне пляцоўкі, дзе адбываўся фэст, і працу аўдыёапаратуры. Генэратар прывёз Сяржук Карпаў, старшыня маладзёвага “Зьвязу”. Хоць міліцыянтаў было больш, чым раней – тры машыны – аднак яны ў хаду сьвята ня ўмешваліся. Як сказаў аршанскі маладзёвы лідэр, сябра Партыі БНФ Iгар Казьмярчак, “яны ў нас ужо прызвычаіліся да ўгодак Аршанскай бітвы”. Алесь Шутаў; Прэс-група Партыі БНФ | | Friday, September 2nd, 2005 | | 11:52 pm |
"БДГ" атрымала перамогу над Міністэрствам інфармацыі
Сёньня Міністэрства мінфармацыі выдала пасьведчаньне аб рэгістрацыі "БДГ. Деловая газета", значыць, наступны нумар "БДГ" выйдзе ў бліжэйшы аўторак. Між іншым, выхад сёньняшняга нумару быў сарваны. Дадамо, што ўжо цягам трох тыдняў "Национальная экономическая газета" выходзіць пад новым назовам "Экономическая газета", газэта "Белорусский рынок" ад 29 жніўня выходзіць пад назовам "Белорусы и рынок", а "Белорусская газета" 5 верасьня ўпершыню зьявіцца пад назовам "Белгазета". | | Wednesday, August 31st, 2005 | | 10:55 pm |
БДГ
Калектыў "БДГ" рыхтуе апошні нумар газэты. Міністэрства інфармацыі не зарэгістравала назву “БДГ. Деловая газета”. Міністр Уладзімер Русакевіч загадаў выдаўцу газэты Пятру Марцаву патлумачыць, што значыць “Б” ў абрэвіятуры. Марцаў сказаў, што гэта значыць “большая деловая газета”. Русакевіч загадаў перапісаць дакумэнты ды расшыфраваць абрэвіятуру ў дужках. Марцаў адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што цягам трох месяцаў назва ўзгаднялася на ўсіх узроўнях і нарэшце была зацьверджаная Менгарвыканкамам а таксама былі ўнесеныя зьмены ў статут прадпрыемства “МАРАТ”. Цяпер жа трэба перарабляць і перападаваць ўсе дакумэнты наноў. Русакевіч паабяцаў, што зробіць так, каб усе зьмены ўнесьлі за адзін дзень. Марцаў не паверыў. Бліжэйшым часам "БДГ" будзе выходзіць толькі ў інтэрнэце. | | 1:08 pm |
БТ
12 верасьня БТ распачне свой 50-ты сэзон. Пра гэта паведаміў 30 жніўня намесьнік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Мартыненка. "Штомесяц ў этэры будзе зьяўляцца нешта новае", -- сказаў ён. Прыярытэт будзе адданы грамадзка-палітычным, інфармацыйна-аналітычным і сацыяльна-гуманітарным праграмам, дакумэнтальным стужкам, што цалкам абумоўлена маючымі адбыцца ў наступным годзе прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі. У прыватнасьці, у сетцы будзе аналітычная праграма "Панарама ў суботу". Нагадаем пра некаторыя сумнавядомыя "грамадзка-палітычныя", інфармацыйна-аналітычныя" і "сацыяльна-гуманітарныя" праграмы БТ апошніх гадоў: "Рэзананс", "Тайныя пружыны палітыкі", "Правы чалавека: погляд ў сьвет", "Кансьпіралёгія", "Вакол плянэты", "Постскрыптум", "У цэнтры ўвагі", "Развагі на тэму". | | Tuesday, August 30th, 2005 | | 12:04 pm |
Сойм Партыі БНФ
Менск, 27 жніўня. Сойм Партыі БНФ на жнівеньскім паседжаньні папярэдне падсумаваў другі этап вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. З палітычным дакладам выступіў старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка. Ён падкрэсьліў, што раённыя сходы, якія прайшлі ў бальшыні адміністрацыйных раёнаў краіны, сталі беспрэцэдэнтнаю кампаніяй агульнабеларускае мабілізацыі, пераканаўчым адказам скептыкам, якія кажуць, нібыта за Менскай кальцавой нічога не адбываецца. Ніякая іншая палітычная кампанія ня можа сёньня параўнацца ступеньню прадстаўніцтва з працэсам вылучэньня "адзінага". Настойлівае імкненьне сабраць прынамсі 25 чалавек у кожным раёне - ня прыхамаць. Мінімум чвэрць сотні яўных актывістаў на сельскі раён (у гарадзкіх болей) - рэальнае апірышча будучай палітычнай кампаніі. Сходы выявілі фактычную карціну прысутнасьці партыяў у рэгіёнах. Лідэр БНФ у цэлым высока ацаніў патэнцыял і арганізацыйную працу рэгіянальных структураў Фронту. На гэты момант колькасьць дэлегатаў Кангрэсу - сяброў БНФ і іншых прыхільнікаў Аляксандра Мілінкевіча як адзінага кандыдата - перавышае лічэбнасьць прыхільнікаў іншых прэтэндэнтаў. В.Вячорка зазначыў, што вакол Беларусі адбываецца хуткі працэс цывілізацыйнага самавызначэньня краінаў былога савецкага абшару. Украінскі й грузінскі прэзыдэнты агучылі прапанову ўтварыць Садружнасьць дэмакратычнага выбару -- фактычна Балта-Чарнаморска-Касьпійскі сэгмэнт эўраатлянтычнае палітычнае й цывілізацыйнае прасторы. Дамаўляюцца наконт супольнае палітыкі стасоўна Лукашэнкі Ўкраіна, Польшча, Літва й Латвія. Зь іншага боку, Расея, выказваючы непрыхільнасьць да краінаў Балтыі, Польшчы, а цяпер і да Ўкраіны, не хаваючы памкненьня кантраляваць постсавецкую прастору, праводзіць сур'ёзныя вайсковыя манэўры супольна з Кітаем. Што гэта, калі не дэманстратыўны выбар нашай усходняй суседкай неэўрапейскага шляху? Нашая барацьба за вызваленьне ад дыктатуры будзе адбывацца менавіта ў такім геапалітычным кантэксьце, - заявіў В.Вячорка. Намесьнік старшыні Партыі БНФ, адказны сакратар Управы Віктар Iвашкевіч пазнаёміў сяброў Сойму з статыстыкай раённых сходаў і падкрэсьліў, як важна забясьпечыць яўку ўсіх дэлегатаў на Кангрэс. Сябры Сойму падтрымалі пазыцыю кіраўніцтва партыі наконт правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў у вызначаны тэрмін, а таксама захаваньня кааліцыйнае "дзясяткі" як асновы творанага палітычнага блёку. Сойм прыняў заявы аб сытуацыі вакол Саюзу палякаў Беларусі і аб рашэньні Эўракамісіі падтрымаць расейскамоўнае радыё для Беларусі. | | 12:04 pm |
ЗАЯВА СОЙМУ ПАРТЫI БНФ
У сувязі з гвалтоўным умяшаньнем дзяржаўных органаў у нутраныя справы грамадзкай арганізацыі Саюз палякаў Беларусі (СПБ), спробамі зьмяніць сіламі АМАПу законна абранае кіраўніцтва СПБ на паслухмяных лукашэнкаўскаму рэжыму марыянэтак ды рэпрэсіямі супраць актывістаў гэтай арганізацыі, Сойм Партыі БНФ - канстатуе, што наступ уладаў на Саюз палякаў Беларусі ёсьць часткаю агульнае стратэгіі рэжыму, скіраванай на поўнае зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці ў краіне, у выніку якой ужо пацярпелі сотні беларускіх дэмакратычных арганізацыяў палітычнага, прафсаюзнага, праваабарончага, адукацыйна-асьветнага ды іншых кірункаў; - падкрэсьлівае, што падобныя дзеяньні груба пярэчаць падпісаным Рэспублікай Беларусьсю міжнародным і міждзяржаўным пагадненьням у галіне аховы правоў нацыянальных мяншыняў; - пратэстуе супраць імкненьня ўрадавай прапаганды навязаць беларускаму грамадзтву погляд на гэтыя падзеі як на “беларуска-польскі канфлікт” і выкарыстаць іх для штучнага разьдзіманьня міжнацыянальных антаганізмаў унутры Беларусі; - выказвае салідарнасьць з законна абраным кіраўніцтвам СПБ на чале са спадарыняй Анжалікай Борыс і з усімі сябрамі арганізацыі, якія адважна адстойваюць сваё права на грамадзянскія свабоды; - лічыць ганебнаю ўладную палітыку тварэньня псэўдаграмадзкіх арганізацыяў, праявай чаго стала спроба шляхам адміністрацыйнага ціску, маніпуляцыяў і падману інсцэніраваць чарговы зьезд СПБ; - патрабуе безумоўнага спыненьня палітычна матываванага адміністрацыйнага, крымінальнага й псыхалягічнага перасьледу сапраўдных лідэраў СПБ. Менск, 27 жніўня 2005 г. | | 12:02 pm |
СХОД ГРАМАДЗКІХ АКТЫВІСТАЎ НА БЕЛЫМ ВОЗЕРЫ
У мінулыя выходныя 27-28 жніўня на Белым возеры, недалёка ад Белаазёрска, адбыўся сход грамадзкіх і партыйных актывістаў, які арганізавала Берасьцейская абласная арганізацыя Партыі БНФ. На сходзе была рэпрэзэнтаваная большасьць раёнаў вобласьці. Сярод прысутных пераважалі дэлегаты, вылучаныя раённымі сходамі на Кангрэс дэмакратычных сілаў. У афіцыйнай частцы адбылася сустрэча з кандыдатам на прэзыдэнты Алесем Мілінкевічам. Удзельнікі абмяркоўвалі падрыхтоўку да Кангрэсу, выказвалі ўласнае бачаньне пытаньняў, якія ён павінен вырашыць. Разглядаліся прапановы далейшай супольнай працы пасьля абраньня адзінага кандыдата, падмацаваныя досьведам працы ў рэгіёнах. Акрамя ўдзелу ў абмеркаваннях, удзельнікі сходу адпачылі, пагулялі ў футбол. А ўвечары адбыўся канцэрт барда Зьмітра Бартосіка. Арганізатар сходу кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ Ю. Губарэвіч адзначыў, што падобная сустрэча дэлегатаў Кангрэсу на абласным узроўні праводзіцца ўпершыню. І карысьць гэтай сустрэчы ў тым, што мы здолелі да пачатку Кангрэсу абмеркаваць і прыйсьці да згоды паводле большасьці пытаньняў. | | Friday, August 26th, 2005 | | 1:55 am |
БЕЛАРУСКАЯ МОВА – МОВА СВАБОДЫ Брусэль, 24 жніўня. Сёньня прадстаўнікі Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня (Бэльгія) й Зьвязу Беларусаў Замежжа (Чэхія) былі запрошаныя ў Брусэль на сустрэчу ў Эўрапейскай Камісіі з супрацоўніцай аддзелу ў справах Беларусі, Украіны й Малдовы Дэпартамэнту вонкавых дачыненьняў спн. Аннэ Койстынэн (Anne Koistinen). Галоўнай мэтай спатканьня было давесьці рэакцыю Рады Беларускае Народнае Рэспублікі й арганізацыяў у межах “Беларускай Вуніі” да праблемы расейскамоўнага радыёперадаваньня на Беларусь. У Эўракамісію былі перададзеныя звароты Рады Беларускае Народнае Рэспублікі, Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі й Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня (Бэльгія) супраць рашэньня нямецкае радыёстанцыі “Deutsche Welle” (Нямецкая Хваля) зарганізаваць новую штодзённую праграму для Беларусі на расейскай мове. Былі перададзеныя інфармацыйныя дакумэнты, у тым ліку заява Рады БНР ў праблеме польскае меншыні ў Беларусі. Падчас сустрэчы беларускія прадстаўнікі выказалі занепакоенасьць недаацэнкай эўраструктурамі беларускае мовы як складніку беларускае дэмакратычнае спадчыны. Спадарыня Койстынэн адзначыла, што рэакцыя беларускай грамадзянскай супольнасьці на рашэньне “Deutsche Welle” пра пачатак расейскамоўнага радыёперадаваньня на Беларусь была нечаканаю для Эўракамісіі. Аннэ Койстынэн паведаміла, што пагадненьне пра дапамогу нямецкай радыёстанцыі падпісанае тэрмінам на адзін год, а ў сувязі з тым, што пагадненьне ўжо падпісанае, выглядае цяжкім унесьці нейкія зьмены. На працягу дзеяньня дамовы з “Deutsche Welle” Эўракамісія дапускае магчымасьць падрыхтаваць новыя праекты, якія будуць разглядацца з улікам пажаданьняў беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў стварыць беларускія службы “Нямецкае Хвалі” ці іншых электронных мэдыяў. З боку нашых арганізацыяў было прапанавана стварыць беларускамоўныя службы замежных радыёстанцыяў з выкарыстаньнем патэнцыялу беларускіх журналістаў, што маюць досьвед працы ў незалежных сродках масавай інфармацыі. | | 1:50 am |
Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка пра падрыхтоўку да Кангрэсу дэмакратычных сілаў - У якім стане падрыхтоўка да Кангрэсу дэмакратычных сілаў?- Падрыхтоўка ідзе паводле пляну. Адбылася бальшыня раённых сходаў, астатнія будуць праведзеныя на працягу бліжэйшага тыдня. Дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў на Кангрэс запрошаныя няўрадавыя арганізацыі ды ініцыятывы: для іх прадугледжаная адмысловая вялікая квота. Карыстаючыся нагодай, хачу запрасіць дэмакратычныя грамадзкія арганізацыі абавязкова скарыстаць гэтае запрашэньне, правесьці паседжаньні сваіх кіроўных органаў і паслаць правамоцных дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Асноўны варыянт месца правядзеньня Кангрэсу - Беларусь. У разе поўнае немагчымасьці правесьці Кангрэс цалкам у Беларусі пэўная яго частка пройдзе за блізкаю мяжою. - У прэсе прайшла інфармацыя, нібыта 24 жніўня ўдзельнікі Стала дзейнае нарады дэмакратычных сілаў не змаглі падпісаць палітычнае пагадненьне. Што ў вас адбылося?- Я зьдзіўлены гэтай інфармацыяй, бо ніякіх - станоўчых ці адмоўных - сэнсацыяў не адбылося. Ніхто ня мог плянаваць на гэтую сераду ніякіх падпісаньняў. Спэцыяльная група распрацоўвае тэкст палітычнага пагадненьня. На яго падставе мяркуецца пашырыць і структураваць існую кааліцыю - г.зв. "дзясятку", запрасіўшы да ўдзелу ўсе дэмакратычныя палітычныя згуртаваньні, якія падтрымліваюць працэс вызначэньня адзінага кандыдата ды жадаюць працаваць супольна пасьля Кангрэсу й аж да перамогі. Магчымая назва - "За Беларусь". У пагадненьні дэталізуюцца ўзаемадачыненьні паміж будучымі Штабам адзінага кандыдата, Палітычнаю радаю як кіроўным органам пашыранай кааліцыі ды Нацыянальным камітэтам як правобразам ценевага ўраду; апісваюцца паўнамоцтвы адзінага кандыдата. Праект будзе дапрацоўвацца й абмяркоўвацца ў партыях і паміж прэтэндэнтамі да сярэдзіны верасьня. Падпісанае пагадненьне будзе да пачатку Кангрэсу дэмакратычных сілаў. |
|